Каляндар падзей:

11 мая 1597 г. Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка звярнуўся ў генеральную капітулу ордэна бернардынаў з просьбаю аб заснаванні ў Нясвіжы касцёла і кляштара. Жаданне збудаваць бернардынскі кляштар выказвала яго жонка Эльжбета Яўфімія з дому Вішнявецкіх, адданая каталічка, якая ахвяравала на гэтыя мэты прыбытак ад маёнтка Карэлічы. Але яна памерла не паспеўшы здзейсніць свае намеры, таму князь вырашыў самастойна выканаць волю жонкі-нябожчыцы. Ужо праз год пасля звароту, 14 мая 1598 г., былі асвечаны падмуркі кляштара, а 22 ліпеня – касцёла Святой Кацярыны пры ім. Будаўніцтва комплекса ішло хуткімі тэмпамі. У 1599 г. быў узведзены кляштар, а праз два гады пачаў дзейнічаць касцёл. Бернардыны сталі трэцім каталіцкім ордэнам, пасля езуітаў і бенедыкцінак, прадстаўнікі якога атабарыліся ў Нясвіжы. У XVII – XVIII стст. пры кляштары дзейнічалі школы тэалогіі і філасофіі. У 1804 г. тут было 15 манахаў, 12 студэнтаў, а ў бібліятэцы – 1199 кніг. У 1864 г. кляштар быў зачынены. Манахаў выслалі ў манастыры Беларусі і Літвы, будынкі перадалі ваеннаму ведамству, а касцёл пераабсталявалі пад праваслаўную царкву.